Статкевіч: «Адчужэнне паміж намі па розныя бакі мяжы непазбежна нарастае і гэтаму трэба супрацьстаяць»

Экс-палітвязень — пра неабходнасць спыніць раскол паміж беларусамі.

— Пяць гадоў таму з нашым народам здарылася трагедыя — у выніку адмысловай спецаперацыі, шляхам масавых дэманстратыўных рэпрэсій, мэтанакіраванага запалохвання і арганізацыі адпаведных публічных прыкладаў ды інфармацыйнай кампаніі ў Сеціве да эміграцыі з Беларусі былі схілены, як мінімум, паўмільёна нашых суграмадзян, — піша Мікалай Статкевіч. — Да прыкладу, гэта аналагічна, як з Расіі раптоўна з'ехала б болей за 7 мільёнаў чалавек.

Любая еўрапейская дзяржава у сітуацыі агульнаеўрапейскага дэмаграфічнага крызісу імкнецца заахвоціць сваіх грамадзянаў заставацца на Радзіме, ствараць там сем'і, нараджаць і гадаваць дзяцей. Бо кожны чалавек, незалежна ад яго палітычных схільнасцяў, уяўляе сабой каштоўнасць для сваёй краіны, якая, ўрэшце, у маленстве плаціла грошы яго бацькам, бясплатна адукоўвала яго, пры неабходнасці лекавала.

Мікалай Статкевіч

Улічваючы якасць гэтых выгнаных з Беларусі людзей, сярэдні ўзровень іх адукацыі ды актыўнасць, эканоміцы нашай краіны, перспектывам яе развіцця нанесены каласальны ўрон. Па сутнасці, правячы рэжым за кошт будучыні нашага народа зрабіў бясплатны падарунак іншым дзяржавам.

Прычына гэтага, як мінімум, безадказнага дзеяння — не толькі помста за перажыты ў 2020 годзе страх. Не толькі жаданне любым коштам назаўсёды захаваць кантроль і ўладу над краінай, якое дакладна было сфармулявана ў фразе, сказанай галоўным тутэйшым начальнікам гады чатыры з нечым таму ў Маскве з нагоды масавай эміграцыі расійскіх мужчын з-за мабілізацыі: «Не надо жалеть, что они уехали. Они же все равно были не за вас».

Думаю, што масавая «зачыстка» Беларусі ў 2021 годзе адбывалася таксама, і як перадваенная падрыхтоўка да ўварвання расійскіх войскаў ва Украіну з нашай тэрыторыі. Каб прадухіліць пратэсты ці актыўныя дзеянні ў тыле расійскай групоўкі на нашай зямлі.

«Зачыстка» была праведзена. І зараз за межамі Беларусі жывуць сотні тысячаў нашых суайчыннікаў. Гэтыя людзі могуць быць патэнцыялам для будучага развіцця вольнай Беларусі, а могуць быць нашай стратай. Таму вельмі важна, каб мы не гублялі пачуцця еднасці і агульнай адказнасці за будучыню Беларусі.

Але жыццё ёсць жыццё. Людзі мусяць ўладкоўвацца ў тых умовах, у якіх яны апынуліся. Часта вельмі адрозных ад звыклых тут. Гэта іншыя турботы, іншыя людзі, іншая дзяржава. Нават ужо і іншая супольнасць — дыяспара. Якая, як і любая іншая супольнасць, дзеліць усіх на «сваіх» і «не сваіх» ды імкнецца, каб «сваіх» рабілася болей. І сваю ўвагу і салідарнасць скіроўвае найперш на «сваіх».

Пэўнае адчужэнне паміж намі па розныя бакі мяжы непазбежна нарастае і гэтаму трэба супрацьстаяць.

Найперш, важна, каб мы паважалі выбар адзін другога і не лічылі чужымі адзін аднаго. Але, калі беларусы замежжа хочуць некалі вярнуцца на Радзіму без рызыкі для сябе і самапрыніжэння ў нейкіх «камісіях», калі яны, ўвогуле, хочуць, каб за імі стаяла свая Радзіма, то трэба разумець, што ўсё гэта, у найбольшай ступені, залежыць ад тых беларусаў, якія засталіся на сваёй зямлі.

Таму — спыніце ў сацыяльных сетках абразы ў іх бок, перастаньце наракаць сваім знаёмым ці сваякам, што яны «дурні, бо дагэтуль не звалілі». Будзьце проста ўдзячныя тым, хто зрабіў і робіць гэты небяспечны зараз выбар на карысць сваёй краіны, бо яны — гэта асноўны шанец на вызваленне і захаванне Беларусі.

Не буду хаваць, што мяне ўразілі не толькі салідарнасць беларусаў дыяспары ў адносінах адзін да аднаго, да дэпартаваных палітвязняў, але і значна меньшыя праявы такой салідарнасці да тых, хто пасля вызвалення застаўся ў Беларусі ў непараўнальна больш складанай сітуацыі — пад пастаяннай пагрозай паўторнага зняволення, без права нават на банкаўскі рахунак і тэлефонны нумар, без магчымасці знайсці нармальную працу (я тут зусім не пра сябе).

Узгадаем, напрыклад, няўдалы збор сродкаў для вызваленых палітвязняў, якія былі пакінутыя у Беларусі, у параўнанні з салідарнымі зборамі на дэпартаваных.

Я не хачу ўлазіць у пытанне арганізацыі кіраўніцтва дыяспарай. Гэта справа, найперш, самой дыяспары. Але ёсць пытанне, якое хвалюе ўсіх беларусаў. Зараз усіх нас у адну нацыю звязваюць беларускія незалежныя інтэрнэт-рэсурсы. І яны павінны паказваць прыклад сапраўды незалежнай прафесійнай журналістыкі.

Але кідаецца ў вочы выразная ангажаванасць і нават самацэнзура некаторых рэсурсаў. Я маю дастатковы досвед, каб зразумець, што гэта ангажаванасць, як і некалі на роднай зямлі, звязана з крыніцамі фінансавання. Але ж зараз, нібыта, гэтае фінансаванне ажыццяўляецца еўрапейскімі структурамі ў межах падтрымкі ўсёй беларускай дэмакратыі. Як я зразумеў, размеркаваннем падтрымкі паміж канкрэтнымі беларускімі рэсурсамі займаюцца кіруючыя структуры дыяспары, якія і атрымоўваюць найбольш увагі ад гэтых рэсурсаў.

Усё, як некалі было тут — «хто дзяўчыну корміць, той яе і танцуе». Толькі бурлівая дзейнасць «офісаў» і «кабінетаў» цікавая найперш для ўладальнікаў ды насельнікаў гэтай нерухомасці. Большасць беларусаў тут абыякавая да яе. Ну ды нічога — людзі пацерпяць дзеля магчымасці ўбачыць іншую, важную для сябе інфармацыю.

Але з другога боку, калі наша краіна вызваліць сябе, у якасці ўзору еўрапейскага прафесіяналізму, аб'ектыўнасці ды крытычнага стаўлення да злоўжывання ўплывамі да нас прыедуць каманды беларускіх журналістаў, навучаных прафесійна за грошы паказваць чорнае белым ці наадварот? Дзякуй, не трэба. Тут такіх аж зашмат. Вучыцеся лепшаму.

Для мяне відавочна, што пытанне размеркавання дапамогі беларускім дэмакратычным інтэрнэт-рэсурсам з боку структур ЕС павінна вырашацца незалежным непалітычным органам і па аб'ектыўных крытэрыях. Думаю, што прадстаўнікі гэтых рэсурсаў здольны супольна выпрацаваць такія крытэрыі.

А ўсім беларусам па абодва бакі мяжы хачу сказаць: «Будзем разам, каб Беларусь жыла!»

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(3)