«У мяне мурашкі па скуры». Севярынец расказаў пра газавую атаку на Акрэсціна

Палітык і былы палітзняволены Павел Севярынец – пра падзеі ліпеня 2020 года.

Фота: lookby.media

– Прачынаюся ў акрэсцінскім карцэры яшчэ да пад’ёма — недзе ў дворыках лямантуюць людзі, – піша Севярынец. – Прыслухваюся — просяцца ў прыбіральню. Відаць, яшчэ з вечара вывелі на этап, а аўтазакі на Жодзіна яшчэ не прыехалі.

Лямант расце, пераходзіць на крыкі.

Пад’ём. Чую, заварушыліся супрацоўнікі, ляніва перабрэхваюцца з людзьмі. Начальства яшчэ не прыехала, ніякіх загадаў няма, таму адказ адзін:

— Терпіте.

Нарэшце, змена. Праверка. Мяне пераводзяць у суседні карцэр — такая ж бетонная скрыня з драўлянай нарай, прышпіленай да сцяны.

А людзей з дворыкаў пачынаюць выводзіць у прыбіральню — у маю камеру. Чую:

— Камандзір, а як змываць? Вады няма!

— А рукі дзе памыць?

— А дзе вада?

— А туалетка хоць ёсць?...

Супрацоўнікі ляскаюць дзвярыма ў калідоры:

— Быстрей давай.

— В темпе там!

Чарга ідзе. Гадзіну. Дзьве. Тры.

Нішто сабе этап, думаю. Палову Акрэсціна вывозяць — мабыць, разгрузка перад «выбарамі».

А за дзвярыма канвой і супрацоўнікі нешта развесяліліся, рагочуць, людзей падганяюць. Нарэшце, перагукаюцца:

— Ну что там, все?

— Все.

— Давай, заводі этого назад!

І тут у мяне мурашкі па скуры. Ё-маё. Ня можа быць.

Дакладна. Адчыняюць карцэр:

— Пошлі назад.

— Вы што, здзекуецеся? Ваду ўключыце хаця б!

— Выходім, сказал!

Так і ёсць. Мяне заводзяць назад — у камеру 2 на 3 метры без вады, дзе толькі што дзясяткі людзей схадзілі ў прыбіральню. Ліпень месяц. Ня буду апісваць, у што там ператварылася «ачко» і які стаіць дух. Дыхаць немагчыма. Рэжа вочы.

Барабаню ў дзверы.

Адчыняюць зноў, заходзяць утраёх.

— Положеніе для обыска прінять!

Рукі на сцяну, стаю, абшукваюць для выгляду (усё адно няма нічога). Выціскаю з сябе:

— Што за здзекі — суседні ж карцэр пусты стаіць! Хаця б вакно адчыніце!

— А что, плохо пахнет?

Здушана пасмейваюцца, але чую, самім цяжка.

— Сейчас будет лучше.

Бакавым зрокам бачу: адзін нешта падае начальніку змены, усе адступаюць у калідор, і «старшой» доўга, з шыпеннем высаджвае ў камеру асвяжальнік паветра. Цэлы балончык. Ляскаюць дзьверы. Рогат.

У камеры натуральны туман — такі, што ня бачна сценаў.

Спаўзаю на падлогу — там трохі паветра. Вачэй не расплюшчыць. Нацягнуў майку на рот і нос. Стрымліваю дыханне. Разумею — калі зараз глыбока ўдыхнуць, можна аддаць канцы.

А за дзвярыма ржуць, відаць, па чарзе заглядваюць у вочка:

— Нічё не відно.

— Он там хоть жівой?

Поўзаў па падлозе пару гадзінаў. Дзякуй Богу, адтуліна вентыляцыі збольшага выцягнула. Але, думаю, павесяліліся ў той дзень таварышы ад душы.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 1(1)