Рыжычэнка: «Хутчэй за ўсё беларускі бок прадае калійныя ўгнаенні амерыканцам з вялікай зніжкай»

Эканамістка пракаментавала навіну пра першую адгрузку беларускага калію ў ЗША пасля адмены амерыканскіх санкцый.

— Для Злучаных Штатаў Амерыкі галоўнае — гэта кошт, за колькі яны пакупаюць беларускі калій. І тут, канешне, лагістыка праз РФ нашмат даражэй, чым гэта было б, напрыклад, праз Клайпеду. Таму, хутчэй за ўсё, беларускі бок прадае калійныя ўгнаенні амерыканцам з вялікай зніжкай, каб здзелка была выгаднай, — выказала меркаванне эканамістка Аліса Рыжычэнка на Еўрарадыё.

Спадзяюся, што калі яны зараз наладзяць гэты гандаль са Злучанымі Штатамі, то пазней, калі для Беларусі адкрыецца порт Клайпеды, пастаўкі стануць больш таннымі па лагістыцы і краіна будзе атрымліваць большую маржу.

Таму, безумоўна, перспектывы ў тым, каб займаць рынак угнаенняў ЗША, ёсць. Але, падкрэслю, ЗША будзе гэтым цікавіцца толькі тады, калі ім гэта будзе выгадна па коштах. Таму не выключаю, што ўсё ж Беларусь робіць добрую зніжку.

Аліса Рыжычэнка

Таксама экспертка разважае пра невялікія аб'ёмы паставак.

— Тут цікавы яшчэ адзін момант: не так даўно чыноўнікі рапартавалі пра тое, што вытворчасць калійных угнаенняў зараз на максімуме, то-бок каля 10-12 мільёнаў тон.

І, калі нейкая частка ўсё ж ідзе ў Злучаныя Штаты Амерыкі, гэта азначае, што там ці зусім невялікія аб'ёмы, ці гэта рээкспарт, ці пераарыентацыя экспарту з іншых краін.

Разумею, што гэта робіцца, каб наладзіць гандаль, адчыніць для сябе новы рынак, мець нейкія дамоўленасці з Трампам, то-бок даць яму нешта, каб ён заўважыў крокі ў свой бок.

Але пакуль мы не ведаем аб'ёмаў гэтых паставак, мабыць, пазней убачым па нейкай статыстыцы ў Расіі, па тым жа порце. Бо, калі гаворка ідзе пра мільён тон калійных угнаенняў, гэта будзе вельмі добра. Але тады пытанне, за які кошт гэта прадаецца?

Іншая справа, калі гаворка пра 200-300 тысяч тон. Гэта не такі аб'ём экспарту, які варты ўвагі.

Рыжычэнка адзначае вялікую павагу да Адміністрацыі Трампа, якая спрыяе вызваленню беларускіх палітвязняў, але не лічыць, што пастаўкі калію ў ЗША значна паўплываюць на адносіны з гэтай краінай, тым больш не думае, што пасля пачнецца адліга ці лібералізацыя ў самой Беларусі.

— Пра гэта гаворкі не ідзе. Можна паглядзець на палітыку ЗША, на тое, як яны працуюць з іншымі краінамі.

Калі ўзяць той жа Іран, там канфлікты то спыняюцца, то пачынаюцца зноў, бакі то дамаўляюцца, то не дамаўляюцца, Трамп у адзін дзень кажа, што яны агрэсары і мы разбамбім іх. На наступны дзень яны ўжо працуюць разам.

Таму дамовы з амерыканскім бокам не сведчыць пра тое, што адбываюцца нейкія змены, пацяпленне. Тым больш не адбываецца ў Беларусі спыненне рэпрэсій.

Тут можна казаць толькі пра палітыку Злучных Штатаў Амерыкі. Яны шукаюць для сябе выгаду там, дзе яна ёсць, дзе яна можа быць патэнцыйна, і разглядаюць усе краіны як рэсурсныя.

І калі гэта танна, калі гэта неабходна, каб паляпшаць сваё эканамічнае становішча, напрыклад, паляпшаць умовы для амерыканскіх фермераў, для сельскай гаспадаркі, чаму не.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)