Политика

Навумчык: «У дэпутата Лукашэнкі не было магчымасьцяў, якія ёсьць у ўзурпатара Лукашэнкі»

Сяргей Навумчык патлумачыў, што ён меў на ўвазе, параўноўваючы Лукашэнку і Кебіча, і паспрачаўся з Анатолем Лябедзькам наконт таго, з кім было б больш шанцаў застацца незалежнымі.

— Мы з шаноўным Анатолем разыходзімся ў ацэнках 1994 году — што зразумела, улічваючы нашыя палітычныя пазыцыі ў той час. Вось толькі ня трэба прыпісваць тое, чаго сказана не было. «Сёняшняга Лукашэнку не варта выкарыстоўваць для адбельвання ўчарашняга Кебіча», — піша Навумчык.

Але я зусім не адбвельваю Кебіча. Гаворачы, што пнэўманія лепей, чым рак лёгкіх, вы ж не сьцьвяржаеце, што пнэўманія — гэта добра. Тут адказ у катэгорыі «меншага зла» і «большага зла».

Я напісаў, што Кебіч ня стаў бы ні скасоўваць Бел-Чырвона-Белы Сьцяг, ні «Пагоню», ні статус беларускай мовы як адзінай дзяржаўнай, ні даваць каманду на зьбіцьцё дэпутатаў. У гэтым я не сумняюся (дазволю сабе выказаць здагадку, што не сумняецца і Анатоль). Але зусім не лічу, што Кебіч быў бы ідэальным ці нават добрым прэзыдэнтам. Ён проста быў бы меншым злом.

Вось Анатоль піша пра «сёньняшняга Лукашэнку» — трэба меркаваць, маючы на ўвазе, што ў 1994 ён быў «учорашнім» ці «заўчорашнім», г.зн. іншым.

Ды ня быў ён іншым. Усё, што Лукашэнка рабіў пасьля свайго абраньня, рабіў у 1995, 1996, 1999, 2001,..... у 2020, і робіць цяпер — было ў ім яшчэ да абраньня прэзыдэнтам і было бачна кожнаму, хто жадаў бачыць.

Калі да жніўня 1993-га яшчэ можна было мець нейкія ілюзіі, дык ягоныя заявы (некалькі цягам месяца) — і ў інтэрвію «Правде» пад загалоўкам «Да возродится!..» (Савецкі Саюз), і выступ на «Зьезьдзе народаў Расеі, Украіны і Беларусі» (ці як ён там называўся) напоўніцу выявілі яго як імпэрца і ня проста непрыхільніка, а апантанага ненавісьніка Незалежнасьці Беларусі.

Нагадаю, што тое інтэрвію выклікала рэзкую водпаведзь Васіля Быкава ў «Народнай газэце» (накладам больш за 300 тыс. асобнікаў), а шашні Лукашэнкі ў Маскве з імпэрцамі прымусілі апазыцыю БНФ у ВС запатрабаваць пазбавіць яго дэпутацкага мандата — за антыдзяржаўную дзейнасьць.

Нарэшце, т.зв. антыкарупцыйны выступ Лукашэнкі ў сьнежні 1993 засьведчыў канчаткова, што гэты чалавек пойдзе на што заўгодна, на якую заўгодна подласьць, дзеля дасягненьня асабістых мэтаў.

Што сёньня выяўляе Лукашэнка такога, чаго не было ў ім ужо ў 1993 годзе?

Цяпер людзей катуюць у турмах і забіваюць, а тады — не? Ну дык у дэпутата Лукашэнкі не было магчымасьцяў, якія ёсьць у ўзурпатара Лукашэнкі. Але нянавісьць да апанэнтаў (ня проста непрыманьне пазыцыі — а менавіта нянавісьць) дэпутата Лукашэнкі была бачная кожнаму, хто слухаў ягоныя выступы ў Авальнай залі. (Дадам, што ў 1994 я выступіў на сэсіі ВС з прапановай правесьці псіхічную экспэртызу Лукашэнкі; ёсьць у стэнаграме).

А між іншым: не задавалі паплечнікі Лукашэнкі яму пытаньне, чаму ўвесь час (і ў момант выбарчай кампаніі 1994) ён носіць не дзяржаўны Бел-Чырвона-Белы дэпутацкі значок, а — чырвона-зялёны БССРаўскі?

Шаноўны Анатоль у якасьці памылак называе тое, што «дэмакраты ў 1994 годзе пайшлі трыма калонамі».

Не пагаджуся. Галоўнай памылкай 1994-га дэмакратаў было тое, што яны (маю на ўвазе дэмакратычных дэпутатаў у ВС) не прыслухаліся да аргумэнтаў БНФ і далучыліся да Кебіча ў жаданьні ўвесьці прэзыдэнцтва. Да гэтага моманту нам, дэпутатаў БНФ, удавалася блякаваць прэзыдэнцтва. Пасьля — ужо не.

Беларусь фатальна страціла некалькі жыцьцёва неабходных гадоў для ўмацаваньня шматпартыйнасьці, станаўленьня грамадзянскай супольнасьці, а галоўнае — для нацыянальнага Адраджэньня.

Пасьля «антыкарупцыйнага» выступу Лукашэнкі ў сьнежні 1993-га і хвалі народнай да яго любові, даходзячай часам да нейкіх гістэрычных праяваў, запазьбегчы 100% гарантаванага абраньня яго прэзыдэнтам можна было, толькі зьняўшы яго з выбарчай кампаніі. У БНФ такой магчымасьці не было. Ні легальных, ні нейкіх іншых.

Паўтаруся: нельга было ўводзіць прэзыдэнцтва. З розных прычынаў. Як і іншыя дэпутаты БНФ, не галасаваў за гэта пры прыняцьці Канстытуцыі і ні на грам не зьмяніў сваёй пазыцыі сёньня.

Ну, а калі ўвялі — нельга было вылучаць Лукашэнку.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(42)