Але з кожным годам становіцца ўсё больш відавочным: 2020-ты незваротна змяніў Беларусь. Нас прымушаюць маўчаць, але гэта не значыць, што мы пагадзіліся. Нас раскідала па розных гарадах і краінах, але мы не сталі чужымі адно аднаму. Нас спрабуюць пераканаць, што ўсё было дарэмна, але мы ўжо ведаем, якой можа быць Беларусь і якімі можам быць мы самі.
«Нас прымушаюць маўчаць, але гэта не значыць, што мы пагадзіліся»
Як беларусы адзначаюць 9 жніўня — дзень, які шэсць год таму змяніў жыццё краіны і кожнага паасобку.
Ціханоўская: «Мне важна, каб 9 жніўня захавалася ў нашай здольнасці дамаўляцца, дзякаваць за дапамогу і самім дапамагаць, калі можам»
З нагоды шостай гадавіны 9 жніўня Святлана Ціханоўская звярнулася да беларусаў з асабістымі словамі пра тое, як мы змяніліся за гэтыя гады і што важна нам усім захаваць у сабе цяпер.
— Шэсць гадоў — гэта вельмі шмат. За гэты час у кагосьці нарадзіліся дзеці, хтосьці месяцамі чакаў лістоў з турмы. Хтосьці навучыўся хаваць трывогу ад бацькоў і дзяцей, працаваць, усміхацца, адказваць: «Усё нармальна», калі насамрэч зусім ненармальна. Амаль у кожнай беларускай сям'і з'явілася сваё «да» і «пасля». Затрыманні, ператрусы, хуткі ад'езд з адной валізкай...
Змянілася і само штодзённае жыццё. Краіна кожны год губляе найважнейшых спецыялістаў. З’язджаюць лекары, настаўнікі, IT-спецыялісты. У аптэках няма патрэбных медыкаментаў, праблемы з банкамі і картамі, складанасці з візамі і падарожжамі.
Да таго ж у Беларусі людзі былі вымушаныя навучыцца ўважліва падбіраць словы і кожны дзень правяраць, ці ўсё ў парадку з блізкімі. Вось як сёння выглядаюць наступствы рэпрэсіі.
Нам па-ранейшаму балюча, і шэсць гадоў чакання дастаткова доўга, каб стаміцца і засумнявацца, ці мае ўсё гэта сэнс.
Для мяне 9 жніўня — гэта абяцанне не забыць. Не забыць, што мы адна нацыя. Не забыць таго самага моманту, калі ў натоўпе з дзясяткаў тысяч чалавек з'явілася адчуванне, што мы здольныя на ўсё. Хтосьці ўсміхаецца, хтосьці падае ваду. Людзі клапоцяцца адно пра аднаго і нас шмат. І ўсе мы хочам аднаго: быць вольнымі ды людзьмі звацца.
Мабыць, сёння гэтае адчуванне выглядае інакш: не патрабаваць геройства ад тых, хто штодня жыве ў страху за сябе і блізкіх. Дапамагчы камусьці з працай ці пераездам. Не вырашаць, хто зрабіў дастаткова, а хто не. Не даваць цяжкім гадам зрабіць нас чужымі і недаверлівымі.
Мне важна, каб 9 жніўня засталося не толькі на старых фотаздымках і відэа, а каб яно захавалася ў нашай здольнасці дамаўляцца, дзякаваць за дапамогу і самім дапамагаць, калі можам.
Мы не ведаем, якія падзеі чакаюць нас наперадзе і калі з'явіцца магчымасць змяніць лёс краіны. Але аднойчы Беларусі зноў спатрэбіцца наша здольнасць давяраць, дзейнічаць разам і браць адказнасць. І да гэтага моманту нам трэба дайсці не зламанымі і не чужымі адно аднаму, а людзьмі, якія ўсё яшчэ памятаюць, дзеля чаго мы выйшлі шэсць гадоў таму.
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное