Сёння выбітнай беларусцы споўнілася 90 гадоў. Архіўны матэрыял «Салідарнасці» – аб гэтай неверагоднай жанчыне.
Скрыншот з radabnr.org. Сакавік 2022, віншаванне суайчыннікаў з Днём Волі
Яна нарадзілася ў Стоўбцах, правяла юнацтва ў Еўропе і большую частку жыцця знаходзіцца ў Канадзе. Вучылася на лінгвіста, а стала грамадскім і палітычным дзеячам, і ўжо чвэрць стагоддзя ўзначальвае Раду БНР. Адзначаная канадскім Юбілейным медалём каралевы Альжбеты ІІ за ўнёсак у дэмакратызацыю Беларусі.
У рамках спецпраекту «Жанчыны» сабралі шэраг цікавых фактаў пра жыццё адной з выбітных беларусак сучаснасці — Івонкі Сурвілы.
Ад Стоўбцаў да Парыжу
Сям’я яе бацькоў, Эвеліны і Уладзіміра Шыманцоў, шмат пераязджала — са Стоўбцаў у Баранавічы, дзе бацька працаваў намеснікам начальніка электрастанцыі, пасля ў Брэст.
Пасля прыходу савецкіх войскаў у Польшчу тата Івонкі быў арыштаваны і асуджаны да 5 гадоў працоўных лагераў у Сібіры. Як згадвала яна нашмат пазней у біяграфічнай кнізе «Дарога», НКУСнікі, якія прыйшлі арыштоўваць бацьку, хацелі і ў яе сарваць з шыі крыжык — але яна не далася.
Пасля пачатку Вялікай Айчыннай бацьку ўдалося збегчы і вярнуцца ў Баранавічы. А пасля вызвалення Беларусі, у 1944-м, пакуль савецкая ўлада не ачомалася і не арыштавала Шыманца зноў, сям’я з трыма малымі дзецьмі вырашылася з’ехаць на Захад. Таварным цягніком дабраліся да Беластоку, адтуль — у Кенігсберг, дзе заспелі канец вайны і вымушаныя былі бегчы далей.
На некалькі год сям’я затрымалася ў Даніі, дзе бацька Івонкі заснаваў Таварыства беларусаў — а яе з братам вучыў мове і гісторыі па кнізе «Гісторыя Беларусі», якую цудам вывезла ў заплечнай торбе і ўратавала маці. Потым па праграме эміграцыі ўцекачоў ад вайны сям’і дабралася да Францыі, дзе і засталася. Тут Уладзімір Шыманец уступіў у Раду БНР і нават пэўны час займаў пасаду міністра фінансаў БНР, а паралельна з працай і палітычнай дзейнасцю — перакладаў на беларускую мову казкі Андэрсена.
1946 год, з бацькамі і братам у Даніі. Тут і далей фота з асабістага архіву Івонкі Сурвілы, скарыстанага для кнігі «Дарога»
А яшчэ тут выявіўся ягоны талент жывапісца: бацька Івонкі быў аўтарам паштовых марак БНР, удзельнічаў у мастацкіх выставах. Мабыць, якраз праз яго праявіліся мастацкія схільнасці ў Івонкі і ейнай дачкі Паўліны. А вось тэхнічныя здольнасці пераняў сын Лявон, які працаваў у Францыі ў галіне авіяпрамысловасці, а ў першай палове 90-х гадоў узначальваў офіс ЕС у Беларусі ў галіне энергазберажэння.
З Іспаніі ў Канаду
Пасля Вышэйшай мастацкай школы ў Парыжу Івонка перайшла ў Сарбонскі ўніверсітэт:
— Я, як чужынка, ня мела права на стыпэндыю. Жыла ў бацькоў, тры гадзіны кожны дзень марнавала на транспарт. Каб аплачваць цягнік і выдаткі на навуку, летам, а таксама ў суботы і нядзелі я працавала ў краме сувэніраў, дзе і практыкавалася ў мовах.
Хоць гэтая падпрацоўка забірала шмат часу, але дзякуючы ёй Івонка змагла дазволіць сабе курс у Оксфардзе, дзе яна вывучала гісторыю школьніцтва ў Вялікай Брытаніі. Да таго ж у скарбонцы Івонкі Сурвілы — веданне французскай, англійскай, іспанскай і дацкай, досвед перакладчыцкай працы на нямецкай, латыні, нарвежскай і польскай мовах.
1955 год, падчас святкаванні Дня Волі ў Парыжы
У Парыжы Івонка пазнаёмілася са сваім будучым мужам, Янкам Сурвілам. Вось як яна пра гэта згадвала:
— Адным з найбольш прыемных успамінаў з таго часу быў Усясьветны зьезд беларускай эміграцыі, які адбыўся ў кастрычніку 1948 году. З’ехалася тады беларуская дзейная эміграцыя зь Нямеччыны, Англіі, Бэльгіі...
Дзяўчына прышпільвала дэлегатам беларускія сцяжкі, а ўзамен на сподачак ёй клалі некалькі франкаў — на сплату выдаткаў з’езду. Янка Сурвіла ж пакінуў суму, роўную недзе месячнаму заробку інжынера. І гэты шчодры жэст так уразіў дзяўчыну, што яна не забыла маладога чалавека і праз год, нават нягледзячы на немалую розніцу ва ўзросце: ёй было амаль 13, яму — 23. Але гэта, сцвярджае Івонка, было каханне з першага позірку. Янка цярпліва чакаў дзесяць год, пакуль каханая пасталее і скончыць вучобу, а яна адмовілася браць французскае грамадзянства і без сумневаў пераехала да мужа ў Іспанію.
1959 год, Сартрувіль, вяселле з Янкам Сурвілам
У Мадрыдзе яны працавалі разам у беларускай рэдакцыі іспанскага нацыянальнага радыё —правялі 2383 радыёэфіры па-беларуску, тэхніку прадастаўляў іспанскі бок, усё астатняе аплачвала беларуская дыяспара.
Пазней Сурвілы, якія ўжо мелі дзвюх дачок — Ганну Прадславу і Марыю Паўліну, — пераехалі ў Канаду. Больш як чвэрць стагоддзя Івонка працавала ў Бюро перакладаў пры федэральным урадзе.
1964 год, Мадрыд. Рыхтуецца чарговы беларускі выпуск на іспанскім радыё
Шмат гадоў займаецца грамадскай дзейнасцю: у сярэдзіне 1970-х яна была абраная старшынёй Беларускага Інстытуту навукі і мастацтва ў Канадзе, узначальвала ўправу Каардынацыйнага камітэту беларусаў у Канадзе, уваходзіла ў склад праўлення этнакультурнай Рады, што прадстаўляе і абараняе інтарэсы розных этнічных груп.
Разам з іншымі прадстаўнікамі дыяспары Сурвіла заснавала фонд дапамогі ахвярам Чарнобыльскай аварыі ў Беларусі. Фонд наладзіў збор і перадачу ў Беларусь трох самалётаў лекаў і медабсталявання, а з пацярпелых раёнаў Беларусі прымаў у Канаду тысячы дзяцей на лячэнне і аздараўленне.
2003 год, Прага. З Васілём Быкавым
На чале Рады
На радзіму Івонка з братам упершыню вярнуліся толькі ў 1992 годзе:
— Я пазнала тое бясконцае, стопрацэнтовае, амаль фізічнае, шчасце, якое толькі раз перажыла перад тым – калі нарадзіла ў Мадрыдзе маю першую дачушку Ганю.
Зрэшты, думкамі і сэрцам Івонка Сурвіла была з Беларуссю заўжды: і калі «на каленцы» за некалькі месяцаў арганізоўвала дабрачынны чарнобыльскі фонд, і калі апекавалася ў этнакультурнай радзе «Бацькаўшчына» захаваннем і распаўсюджваннем роднай мовы, літаратуры і мастацтва.
І, безумоўна, калі стала сёмым кіраўніком Рады БНР, пераняўшы паўнамоцтвы ў Язэпа Сажыча. Тады, знаходзячыся ў жалобе па нядаўна памерлым мужу і яшчэ не ведаючы, што іншыя чальцы абяруць яе, яна склала шэраг патрабаванняў да новага старшыні: каб ведаў мовы, ведаў, як працуюць у Канадзе ўрады і як з імі стасавацца, але першае і галоўнае — каб бясконца любіў Беларусь. Атрымалася, гаварыла якраз пра сябе.
1999 год, Вільня. Станіслаў Шушкевіч, Івонка Сурвіла, Радзім Гарэцкі і Сямён Шарэцкі. Фота: архіў Таварыства беларускай культуры ў Літве
Івонка Сурвіла паслядоўна і жорстка крытыкавала «інтэграцыйныя захады» Лукашэнкі, а таксама сумнеўныя пражэкты беларускіх уладаў, кшталту Астравецкай АЭС — яе Сурвіла называла адным з найбольшых злачынстваў рэжыму:
— Гэта было абсалютна недапушчальна, каб у Беларусі, дзе пацярпеў цэлы народ ад Чарнобылю, ізноў была небяспека другога Чарнобылю. Астравец — гэта расейская бомба ў Беларусі, — казала яна ў адным з інтэрв'ю.
Але найпершы вораг беларусаў, на яе думку — акурат Расея, якая «за 70 год выкараніла і мову, і гісторыю, пачала фальсіфікаваць, адбіраць усё тое, што мы мелі». Паводле Сурвілы, беларусы — еўрапейцы, і мусяць мець еўрапейскую будучыню.
2003 год, на святкаванні Дня волі ў Таронта
У 2020 годзе старшыня Рады БНР выступіла з гарачай падтрымкай беларускага мірнага пратэсту:
Рэвалюцыя адбываецца перадусім не ў адміністрацыі, а ў душах і сэрцах людзей – у супольнай радасьці, у супольным узьнёслым пачуцьці прыналежнасьці да свае зямлі, у супольнай празе справядлівасьці і праўды.
Беларусь ажыла і абавязкова пераможа. Не спыняйцеся, ня бойцеся, і ведайце: за вамі праўда і за вамі ўвесь сьвет ад Эўропы да Канады і Аўстраліі.
Ад жніўня 2020-га ў афіцыйных дакументах Рады БНР Лукашэнка імянуецца былым прэзідэнтам, а створаны ім рэжым — пагрозай Еўропе і праблемай міжнароднага маштабу.
У першы дзень расійскай агрэсіі Рада БНР абвясціла, што «разглядае любую падтрымку, якую беларусы ў Беларусі і ўсім сьвеце будуць аказваюць украінскаму народу і дзяржаве ў справе абароны сувэрэнітэту Украіны ад вонкавай агрэсіі, як адпаведную доўгатэрміновым інтарэсам нацыянальнай бясьпекі Беларусі».
Пазней Івонка Сурвіла звярнулася з адкрытым лістом да прэзідэнта Украіны Уладізміра Зяленскага. Яна падкрэсліла салідарнасць беларусаў з украінскім народам у змаганні супраць імперскай палітыкі Крамля, і яшчэ раз заклікала адасобліваць рэжым Лукашэнкі ад беларускага народу.
Матэрыял упершыню выйшаў на старонках «Салідарнасці» 23 чэрвеня 2022 года.
Хочаце падтрымаць тое, што мы робім? Далучайцеся да
Клуба Салідарнасці
на Patreon, калі для вас гэта бяспечна. Пры ўваходзе з Беларусі карыстайцеся VPN.