Неабыякавыя

Марына Міхайлава

Анжаліка Аношка: «Кожны чалавек ад моманту народжання да моманту смерці мае неад’емнае права на годнасць. У тым ліку і на годнае сталенне»

Што адбываецца з апекай і даглядам састарэлых людзей у сённяшняй Беларусі. І чаму ў ніводнай дзяржавы не хопіць грошай пакрыць усе сацыяльныя патрэбы, аднак палепшыць сітуацыю можна. Гэта заключная частка цыклу «Салідарнасці», прысвечанага патрэбам пажылых людзей і забеспячэнню годнай старасці.

Сённяшняя наша суразмоўца Анжаліка Аношка шмат год працавала ў Беларускім рэспубліканскім фондзе «Узаемапаразуменне і прымірэнне», а з 2008 года ў грамадскай арганізацыі «Узаемаразуменне» з вельмі ўразлівай катэгорыяй беларусаў: былымі вязнямі і вязынкамі нацыянал-сацыялізму.

Цяпер яна кіруе грамадскай установай «Формула чалавечнасці», арыентаванай сярод іншага на пераадоленне савецкага мінулага і развіццё культуры памяці, пабудову беларускага грамадства на аснове правоў чалавека.

Фота з асабістага архіву суразмоўніцы

«Калі запытаць у саміх людзей — не хапае грошай і лекаў»

Калі-калі, а да 9 мая пажылых людзей і ветэранаў улады РБ згадваюць не проста словамі. Сёлета ветэранам Вялікай Айчыннай вайны, якіх у РБ засталося ўсяго 574 чалавекі, і 5,5 тысячам пацярпелых ад наступстваў вайны выплочваюць ад 1,5 да 5 тысяч беларускіх рублёў матэрыяльнай дапамогі. Але ці гэтага дастаткова, і ці толькі ў грошах справа?

— Мне б хацелася пачаць з таго, што кожны чалавек ад моманту народжання да моманту смерці мае неад’емнае права на годнасць. У тым ліку і на годнае сталенне, — зазначае Анжаліка Аношка. — То-бок, дапамагаючы сталым людзям, дзяржава і грамадства не робяць ім ласку, а выконваюць свой абавязак перад імі. Гэта трэба разумець і памятаць.  

Ветэраны, якія ваявалі, і вязні нацызму вельмі адрозніваюцца па ступені сацыяльнай абароненасці. Ветэранаў сапраўды шанавалі, гераізавалі, на іх лёсах будавалі патрыятычнае выхаванне дзяцей. А вязні нацызму да канца 1980-х разглядаліся савецкай уладай, хутчэй, як здраднікі. Нават калі яны былі ў канцэнтрацыйных лагерах, то па вяртанні дамоў шмат хто адседзеў яшчэ і ў савецкіх лагерах.

Толькі калі пачаўся працэс прымірэння, сітуацыя пакрысе змянялася. І ў пачатку 90-х яны атрымалі першыя грошы ад Германіі як фінансавую падтрымку за тое, што з імі здарылася падчас вайны. Ветэраны тады былі ў горшым эканамічным стане, існавала нават пэўная рэўнасць паміж дзвюма групамі.

У 2000-х гадах былыя вязні канцлагераў і гета, былыя паднявольныя працаўнікі, нават ваеннапалонныя пачалі атрымліваць яшчэ і кампенсацыйныя выплаты ад германскага фонду EVZ («Памяць, адказнасць і будучыня») і іншых дабрачынных германскіх арганізацый. У Беларусь дзякуючы гэтаму прыйшлі даволі вялікія грошы, сотні мільенаў еўра.

Але ў сярэдзіне 2007 года выплаты завершыліся, а з-за змен у заканадаўстве РБ вязні нацызму, менавіта як асобная група, выпалі з катэгорый людзей, якія мелі права на сацыяльныя ільготы і гарантыі.

Шмат хто з іх трапіў у пастку: раней не афармляў групу інваліднасці, бо не было патрэбы, а ў пажылым узросце на праходжанне бюракратычнага працэсу ўжо не мелі сіл і здароўя. І такі крок уладаў стаў для вязняў абразай, цяжкім маральным ударам.

У 2019 годзе Мінпрацы ініцыявала змены ў канцэпцыю закону аб ветэранах, каб прыраўнаць вязняў нацызму ў правах і льготах да блакаднікаў Ленінграду. Прычым гаворка ішла пра адносна невялікую колькасць людзей, каля 11 тысяч чалавек. Але Мінфін РБ ужо тады выступаў супраць: маўляў, грошай у бюджэце на ўсіх льготнікаў не хопіць.

— Калі запытаць у саміх людзей, то першыя патрэбы, якія яны назавуць — не хапае грошай і лекаў. Ва «Узаемаразуменні» ў нас быў цэлы шэраг праектаў адраснай дапамогі, — прыгадвае спадарыня Анжаліка.

Больш за ўсё былі запатрабаваныя лекавыя сродкі і сродкі рэабілітацыі, гігіенічныя тавары; у сельскай мясцовасці — дровы, рамонт вокнаў ці печы. Даволі часта мы аплочвалі медыцынскія паслугі, якія людзі не заўсёды маглі атрымаць у сваіх паліклініках хутка і бескаштоўна. Так, вялікі запыт быў на зубныя пратэзы.

З цягам часу ўсё больш важнай станавілася вонкавая дапамога. Бо шмат хто быў самотны ці жыў адзін, меў патрэбу ў апецы. Да таго ж, узрост і стан здароўя бяруць свае. На жаль, валанцёрскі рух у Беларусі быў не вельмі развіты на той час, мала хто меў навыкі дагляду.

Дый самі сталыя людзі цяжка ішлі на супрацу з маладымі валанцёрамі, бо саромеліся, пачуваліся няўпэўнена. Мы запрашалі экспертаў, праводзілі навучанне памочнікаў, але гэтага было недастаткова. І мы не паспелі развіць справу так, як трэба.

— Але ж існуюць адмысловы рэспубліканскі інтэрнат для ветэранаў вайны, пансіянаты для састарэлых — ці добрыя там ўмовы, і ці складана было туды патрапіць?

— Я б не сказала, што ўмовы там ідэальныя, але яны былі лепшымі, чым у іншых падобных установах. Водгукі былі добрыя, шмат хто з вязняў імкнуўся папасці ў гэты інтэрнат у Ждановічах, — але ў іх не атрымлівалася.

Некаторы час інтэрнат прымаў вязняў нацызму на часовы адпачынак працягласцю да 1 месяца па накіраваннях фонду «Узаемаразуменне і прымірэнне».

Гэта быў сумесны гуманітарны праект. Інтэрнат атрымаў ад фонда вялікую грашовую дапамогу  і згодна з дамовай з 2005 па 2010 год павінен быў прымаць на часовае пражыванне 30 вязняў нацызму штомесяц. Але свае абавязкі інтэрнат так і не выканаў. Цягам некалькіх гадоў прынялі зусім невялікую колькасць вязняў, а потым прыем быў спынены.

«На паперы ўсё выглядае аптымістычна, у рэальнасці далёка не так»

— Чыноўнікі кажуць: яны толькі «за», каб у сацыяльную сферу прыходзіў бізнес, грамадскія арганізацыі. Але на практыцы — дапаможныя НДА зліквідаваныя фактычна пад нуль, прыватныя пансіянаты пару год таму адным махам «зачысцілі». Частка аднавілася — але гэтага мала. Ці можна неяк палепшыць сітуацыю, на ваш погляд?

— У мяне вялікі песімізм на гэты конт. Хоць напрыканцы 2025 года ўрадам была прынятая праграма «Грамадства роўных магчымасцяў», у якой прадугледжана развіццё сацыяльных паслуг як бізнесу. Здавалася б, гэта можа выцягнуць сітуацыю з патавай.

Але калі паглядзець, якое стаўленне да прадпрымальніцтва ў Беларусі, асабліва цяпер — паўстае пытанне, ці гатовыя прадпрымальнікі рызыкаваць. Бо праца гэта нялёгкая, укладацца ў яе прыйдзецца вельмі шмат, вучыць людзей, плаціць ім, і нямала. Ці змогуць самі сталыя людзі аплочваць гэтыя паслугі — вялікае пытанне.

Адказам на яго мог бы стаць механізм сацыяльнага заказу, пра які таксама ідзе гаворка ў праграме. Нібыта дзяржава плануе пашыраць і развіваць гэты механізм для догляду сталых людзей. Аднак наколькі на практыцы гэта будзе магчыма — таксама пытанне. «Пашыраць і развіваць» улады імкнуцца цягам прыкладна 10 гадоў, але дасюль мала што з гэтага атрымалася.

На паперы ўсё выглядае аптымістычна, у рэальнасці далёка не так. Магчыма, цяпер будуць унесеныя змены ў працэдуры фінансавання сацзаказу — гэта было б класна. Бо раней было шмат праблем.

Аплочвалася з дзяржаўных грошай толькі праца саміх людзей. І прыкладна так, як работнікаў у сістэме сацыяльнай абароны, то-бок, вельмі невялікія заробкі. Тыя, хто прайшоў навучанне, нярэдка стараліся працаваць індывідуальна.

Адкрываеш інтэрнэт-пошук — прапаноў па дагляду многа. А спрабуеш знайсці чалавека — ці вельмі шмат гэта каштуе, далёка не ўсе сваякі могуць аплочваць такія паслугі, ці гарантый няшмат, бо спецыялісты не імкнуцца падпісаць дамову.

Я сама праходзіла гэта з маёй мамай, таму добра ведаю, як цяжка знайсці чалавека, якому ты будзеш давяраць, хто сапраўды будзе добра ставіцца да падапечнага, не ўчыніць шкоду з-за таго, што нечага не ўмее рабіць.

Як вынік, з аднаго боку, нізкія заробкі, з другога — досыць вялікія рызыкі з-за «белых плямаў» у заканадаўстве. Некаторыя арганізацыі атрымлівалі заўвагі ад пракуратуры. А грамадскія аб’яднанні, акрамя хіба Чырвонага Крыжа, не вельмі ахвотна ішлі да дзяржавы, мелі вялікі недавер.

Да 2020 года, дадае суразмоўніца «Салідарнасці», дзякуючы фінансаванню ад германскага фонду ладзілася шмат актыўнасцяў для пажылых людзей: ад простай гігіенічнай і бытавой дапамогі да баўлення вольнага часу і наладжвання сацыяльных сувязяў. Сёння кола такой дапамогі вельмі звузілася, а гуманітарная праграма «Месца сустрэчы: дыялог» наогул зачыняецца. Ці здолеюць квазі-НДА (GONGO) замяніць зніклыя грамадскія аб’яднанні — адказу няма.

— Вельмі спадзяюся, што ў дзяржаве знойдуцца людзі, у якіх хопіць розуму даць нейкія паслабленні бізнесу, што ідзе ў сацыяльную сферу, — кажа Анжаліка Аношка. — Зменшыць «некантраляваны кантроль», выканаць усе патрабаванні якога вельмі цяжка і якога больш за ўсё баяцца. Бо такія разумныя людзі ёсць, я дакладна ведаю — і яны бачаць і разумеюць, што сітуацыя крытычная.

Калі пазачынялі праз ліцэнзаванне прыватныя інтэрнаты — ведаю сем’і, якія вельмі пацярпелі ад гэтага. Бо іх родных з дэменцыяй там даглядалі, і глядзелі добра. Часта ж такія людзі выпадаюць з-пад увагі, проста застаюцца на плячах сваёй сям’і… А дэменцыя — праблема, якая расце і пашыраецца. І калі паўстала б больш такіх прыватных устаноў, больш увагі з боку дзяржавы, медыцынскіх і сацыяльных структур — гэта вельмі добра.

«Ці ўлічаныя дзяржавай усе тыя людзі, якім патрэбная вонкавая дапамога?»

Пасля 2020 года, калі многія з’ехалі з Беларусі без магчымасці вярнуцца, дагледзець бацькоў, нават аплаціць, празрыста і без абмежаванняў, паслугі іншых людзей па доглядзе, сувязь пакаленняў разарваная літаральна фізічна. А візіты чыноўнікаў, «Белай Русі» ці БРСМаўцаў пад Новы год ці на 9 мая ў пансіянаты да ветэранаў — відавочна не пра сувязь і клопат.

— Ці можна «сшыць» гэты разрыў? Думаю, вельмі цяжка, — разважае спадарыня Анжаліка. — Не ўпэўнена, наколькі распрацоўнікі дзяржаўнай праграмы ўлічвалі гэты момант.

Праграма накіраваная на тое, каб пажылыя людзі як мага больш заставаліся ў дамашніх умовах. Гэты трэнд існуе ва ўсім свеце, даўно сацыяльныя службы прыйшлі да высновы, што чалавеку больш камфортна дома. Але — добра там быць, калі ёсць людзі, хто забяспечвае гэты камфорт.

У беларускіх умовах гэта вельмі слізкі пункцік. Калі на кожнага сацыяльнага работніка прыпадае 10 падапечных — у яго часу стае хіба прыбраць-прыгатаваць ды збегаць у краму. А калі родных побач ці наогул няма, ці калі частка сям’і ці ўся яна з’ехала — такія сталыя людзі рызыкуюць застацца пакінутыя ўсімі?

Якасць жыцця чалавека базуецца на трох кітах: фізічны стан, эмацыйны, і сацыяльныя сувязі. На першы ў сталым узросце мы можам паўплываць вельмі абмежавана, але часткова можам кампенсаваць другім і трэцім. Прыйсці да чалавека, хто сам не можа хадзіць, зрабіць яму камфорт і чысціню, пачытаць, паразмаўляць, патэлефанаваць родным.

Або прывезці на мерапрыемства, сабраць пажылых людзей на прагулку і знаёмства адно з адным — то-бок, спрыяць таму, каб пашыраліся сацыяльныя сувязі, былі побач іншыя людзі. І такім чынам спрыяць больш доўгаму і якаснаму жыццю.

Наша суразмоўніца лічыць: самае разумнае, што магла б зрабіць у такіх варунках дзяржава — палепшыць умовы для сацыяльнага бізнэсу і зняць непатрэбныя абмежаванні, стымуляваць карпаратыўную сацыяльную адказнасць, перастаць душыць грамадскія аб’яднанні.

Але ці пойдуць улады на гэта? Ці дэкларацыі пра сацыяльны клопат так і застануцца толькі словамі на паперы?

— Насамрэч бачна нават па пенсіях, якія ўлады імкнуцца забяспечыць, што пажылыя людзі для беларускай дзяржавы — адзін з галоўных прыярытэтаў. І гэта прыярытэт для нас, бо мы перажываем асабліва за старэйшае пакаленне, якое засталося ў краіне. Мы не можам сёння дапамагчы ім наўпрост, сваімі рукамі. То не перашкаджайце ім атрымаць дапамогу іншым чынам.

Ускладняючы  ўмовы для дапамогі сталым людзям, ствараючы абмежаванні для сацыяльных гарантый, дзяржава  не проста не выконвае свае абавязкі перад старэйшым пакаленнем. Яна парушае недатыкальнае права чалавека на годнасць.

Дарэчы, яшчэ ў 2018-2020 годзе НДА разам з дзяржструктурамі распрацоўвалі нацыянальную стратэгію «Актыўнае даўгалецце-2030». Было вельмі шмат прапаноў па падвышэнні якасці жыцця пажылых людзей пры падтрымцы грамадскіх аб’яднанняў.

І гэта «было цалкам дасягальна», падкрэслівае Анжаліка Аношка. Сёння ж наогул не відавочна, наколькі эфектыўна яна можа быць рэалізаваная, альбо справа скончыцца справаздачамі і засвоенымі сродкамі. Бо мала адрамантаваць інтэрнаты і адчыніць новыя цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва.

Без чалавечага фактару — грамадскага маніторынгу, уключанасці НДА, сем’яў, бізнесменаў, валанцёраў, без уплыву саміх сталых людзей на рашэнні, якія іх тычацца, рэальнага плёну не будзе. Зараз гэтых сувязяў няма, альбо яны фармальныя.

— Сёння з дзяржпраграм наогул не вынікае: ці ўлічаныя дзяржавай усе тыя людзі, якім патрэбная вонкавая дапамога, — гаворыць Анжаліка Аношка. — Ці лічыцца толькі ўзрост пасля 80 і зафіксаваная інваліднасць? Але ж тых, хто афіцыйна не мае групы ці не дасягнуў 80 год, а па фізічным стане патрабуе дагляду, нашмат больш. То ніякіх падстаў давяраць афіцыйнай статыстыцы няма.

Сацыяльная сістэма нават у лепшыя часы, нават у вельмі паспяховай дзяржаве не здолее пакрыць патрэбы насельніцтва ў такой дапамозе. Таму ўсе краіны прыцягваюць да гэтае працы недзяржаўныя арганізацыі — без гэтага палепшыць сітуацыю немагчыма.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.7(7)