Лявон Вольскі: «Таксістам быць можаш, але спяваць не будзеш»

Вядомы музыкант Лявон Вольскі на Budzma.org разважае пра лёс беларускіх артыстаў, якія выступалі на дзяржаўных мерапрыемствах, а ў 2020-м выказаліся «супраць гвалту».

Схаваныя ворагі РБ

Галоўныя ворагі дзяржавы (у разуменьні гэтае дзяржавы) — ня тыя, хто дзесяцігодзьдзямі зь ёй змагаўся, хадзіў на мітынгі, заклікаў народ на барацьбу, пісаў правакатыўныя творы. Ну, ясна, гэтыя — таксама ворагі. Але іхныя ймёны даўно ўсім (і найперш — дзяржаве) вядомыя, і што ад іх чакаць — ня меней вядома.

А ёсьць яшчэ схаваныя ворагі. Пятая калёна. Сёньня яны ў дзяржаўным лягеры — вядуць правільныя тэлепраграмы, сьпяваюць патрыятычныя песьні ў звышляяльным туры «За Беларусь!», працуюць «чэснымі» журналістамі, міліцыянтамі, пракурорамі, спартоўцамі, мэнэджарамі заводаў ды фабрыкаў, а заўтра — раз! — і зьмянілі колер.

Вось гэтыя — самыя паганыя, самыя брыдкія ворагі.

«Мы іх прыкармілі, — абураецца дзяржава. — Гадамі яны жэрлі з нашага цэбру, і кватэры яны маюць, і машыны добрыя, і народ мы ім праз нашыя кішэнныя прафсаюзы на канцэрты зганялі (гэта калі вядзецца пра няўдзячных артыстаў, а пра іх мы й пагаворым), і на «Славянскі базар» запрашалі (а гэта — ого-го які гонар, выступаць на адной сцэне з самім Газманавым!), а яны — глядзі, якія падступныя! Ледзьве што, дык дружна пішуць у сваіх Фэйсбуках: «Мы супраць гвалту». Ды іх за гэта трэба пажыцьцёва пазбавіць усіх пляцовах у РБ!».

Артысты як сфэра абслугі

Для дзяржавы гэтыя ўсе артысты — сфэра абслугі. Па пстрычцы пальцаў мусяць зьявіцца перад сваімі гаспадарамі і засьпяваць салодкагалосую песьню. І лепей не сваю, а «Песьняроў» — «Белавескую пушчу», нешта такога кшталту. І падтрымаць свайго гаспадара перад і пасьля выбараў. Дый наагул, у любым выпадку мусяць падтрымаць. Салідарызавацца.

Ідзе ў краіне бітва за ўраджай — падтрымаць бітву, засьпяваць на трактары ці то на грузавіку ў полі. Для трактарыстаў і мэханізатараў.

Праводзяцца ў дзяржаве рэпрэсіі — безагаворачна падтрымаць палітыку ўладаў, ухваліць дзеяньні сілавых структураў. Калі трэба — засьпяваць у РУУС, акадэміі міліцыі, КДБ — куды пашле дзяржава, там і засьпяваць.

Дык не — яны дружна (за рэдкімі выключэньнямі) выказаліся «супраць гвалту». А нехта з артыстаў яшчэ абурыўся ў сваіх сацыяльных сетках, што ў Каменнай горцы якасьць вады з крану — ня надта. Чорная нейкая вада цячэ і патыхае моцна. І гэта ў 2020 годзе, калі дзяржаву штарміла і хістала! Як расцаніць такія допісы? Як падрыў асноваў і разгойдваньне чоўна, іначай і не ацэніш!

«Імпэрыя наносіць удар у адказ!»

Малюнак Лявона Вольскага

І вось — «імпэрыя наносіць удар у адказ!» — прозьвішчы артыстаў-здраднікаў уведзеныя ў адмысловы рэестар, на іх накладзеныя негалосныя санкцыі — ніякіх канцэртаў, ніякіх выступаў! На працу, зьвязаную з айчынным шоу-бізнесам, ня браць (нават канцэртовым мэнэджэрам, гукарэжысэрам ці то працаўніком сцэны, ці сьветлавіком), карацей, натуральны «ваўчыны білет»…

І пайшлі былыя дзяржаўныя зоркі — хто ў таксоўку, хто на склад, хто ў ІТ… Дарэчы, ім па-рознаму намякалі кампэтэнтныя ворганы, што лепей зьехаць з РБ, пачаць будаваць жыцьцё ў іншым мейсцы, але далёка ня ўсе былі да такога сцэнару гатовыя — у каго хворая маці, хто ня хоча кідаць загарадную вілу, у якую былі ўкладзеныя калясальныя сілы й сродкі…

Для іх гэта быў гераічны ўчынак

Трэба яшчэ дадаць, што былыя дзяржаўныя выканаўцы — людзі, якія ня надта вылучаюцца аналітычным розумам. Сьпевы для іх — проста праца. Няхай любімая, але праца. Вось яны прабіваліся да посьпеху, як маглі — а ў РБ прабіцца на «Славянскі базар» можна толькі ляяльным артыстам.

То-бок, ляяльнасьць была ўмовай «посьпеху». Ніхто асабліва не прасякаўся тым, што прэзыдэнт матае чарговы сумнеўназаконны тэрмін. Нікога не хвалявала пастаянная наяўнасьць палітычных вязьняў у РБ, наяўнасьць чорных сьпісаў іншых музыкаў ці то празьмерная жорсткасьць «наркаманскіх артыкулаў». Жылі як жылі — як усе, як было прынята — шмат на што заплюшчвалі вочы, шмат чаго не заўважалі, канцэнтраваліся на сабе, сваёй сям’і, дабрабыце…

А ў 2020 годзе дзяржаўны гвалт, які да гэтага часу хаваўся па калёніях, пастарунках і кабінэтах сілавікоў, масава выліўся на вуліцы нашых гарадоў, і ўсе, у тым ліку, цяпер ужо былыя прадзяржаўныя артысты, сутыкнуліся зь ім твар у твар. Гэты жах нельга было не заўважыць.

Для іх гэта быў гераічны ўчынак. Можа быць, тады яны яшчэ не разумелі, што праз «Мы — супраць гвалту» пазбавіліся кар’ераў, этэраў на тэлеканалах, кліпаў, канцэртаў, камфортнага заможнага жыцьця…

І гэта адрозьнівае беларускіх «дзяржаўных артыстаў» ад расейскіх «кітайскіх балванчыкаў», якія паслухмяна масава падтрымалі вайну…

РБ не прабачае здраду

Але РБ — утварэньне крыўдлівае. Не прабачае здраду. Таксістам можаш быць, але сьпяваць ня будзеш. Прынамсі, тут, на падкантрольнай нам тэрыторыі. І паказалі Аляксею Хлястову, «хто ў доме гаспадар». І пацягнулі да сілавікоў на гутаркі, а потым — на содні…

І пакуль існуе гэтая ўлада, так і будзе.

Аляксей Хлястоў. Скрыншот відэа канала OPUSHKA

І ты можаш запісаць пакаяльнае відэа, сказаць, што памыляўся, што ўсё было зроблена ў 2020-м слушна, але дзяржава да канца табе не даруе. Бо «хто здрадзіў раз, здрадзіць і другі» — падазрона прымружвае вочы гаспадар, і ты аўтаматычна робісься чалавекам другога гатунку, «недатыкальным», для якога нават праца ў таксі — гэта вялікая ласка, якую яшчэ трэба заслужыць.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(111)