Война

Кацярына Батлейка

«Калі ўначы пачынаецца атака, то ў першую чаргу глядзіць на нас — рэагуем ці не»

Вайна ўплывае не толькі на жыццё людзей. Яна таксама змяняе руціну тых, хто не можа выказаць страх словамі — з-за сірэн і выбухаў чатырохногія часта хвалююцца, страчваюць (альбо наадварот) апетыт, а таксама шукаюць больш бяспечнае месца ў кватэры і хаваюцца там. Беларусы і ўкраінцы, якія жывуць ва Украіне, распавялі «Салідарнасці», як на пяты год вайны змяніліся паводзіны іх хатніх гадаванцаў.

«Як толькі чуюць трывогу, адразу ідуць у ванны пакой і хаваюцца»

Беларуска Валерыя цяпер жыве ў Кіеве разам з двума коцікамі і сабакам. З пачаткам поўнамаштабнай вайны яе каты сталі больш трывожнымі, распавядае жанчына.

— Да вайны ніводны з катоў не звяртаў увагі на гучныя гукі, а цяпер — калі пад акном на дарозе здараецца нейкая аварыя або шумяць студэнты, яны значна больш насцярожаныя. Сабаку ўсяго тры гады — то-бок, ён нават не ведае жыцця без вайны. Ён моцна арыентаваны на чалавека: калі ўначы на Кіеў пачынаецца атака, то прачынаецца і ў першую чаргу глядзіць на нас — рэагуем мы ці не. Калі працягваем ляжаць, ён ляжыць таксама; калі кудысьці ідзем — ідзе за намі.

Роня, Ума Турман і Паўло. Фота з асабістага архіва Валерыі

А вось коцікі больш самастойныя: як толькі чуюць трывогу, адразу ідуць у ванны пакой і хаваюцца пад ваннай, пакуль не стане ціха. Нягледзячы на тое, што мы самі там не хаваемся, яны самі зразумелі, што там — найбольш бяспечнае месца.

Таксама з пачаткам поўнамаштабнай вайны каты пачалі трошкі больш есці — я чытала, што гэта можа быць ад стрэсу. Яны сталі і больш кантактнымі. Вельмі моцна на іх адбіваўся блэкаўт у Кіеве: яны лезлі да нас на калені або пад коўдру, бо было вельмі холадна. Цяпер ужо лепш — большую частку дня ў кватэры ёсць святло і ацяпленне.

Акрамя таго, вайна перыядычна ўплывае на графік прагулак з сабакам. Звычайна на такія прагулкі я не бяру з сабой тэлефон. Калі здараецца так, што пачынаецца трывога, хвалюецца і ён, і я — бо не ведаю, што ляціць. Таму прагулка заканчваецца вельмі хутка.

Увогуле я б дадала, што вайна вельмі моцна ўплывае на жывёл, бо іх часта пакідаюць: часам вымушана, а часам… Я не ведаю чаму — гэта вельмі дзіўна. На пачатку ўварвання мы жылі ў Палтаве. Там у цэнтры горада можна было сустрэць папугаяў, самаедаў. І цяпер у прытулках вельмі шмат пародзістых жывёл.

«Падчас выбухаў яна звычайна дрыжыць, таксама можа пачаць ванітаваць»

Украінка Анастасія — гаспадыня коткі Іды і сабакі Дафны. Апошнюю жанчына ўзяла з прытулку, калі ёй было ўсяго два месяцы.

— Яе эвакуявалі з Данецка, калі ёй быў усяго месяц. А яшчэ праз месяц яна ўжо жыла ў нас. У адрозненне ад кошкі, сабака пачынае хвалявацца адразу, як чуе сірэну. Калі пачынаецца трывога, Дафна самастойна адчыняе лапай дзверы ў прыбіральню і хаваецца там. Хаця мы, людзі, не заўсёды хаваемся: я звычайна сачу за тым, што ляціць, і калі нічога такога няма, не іду ў ванны пакой. А Дафна ідзе заўсёды. Падчас выбухаў яна звычайна дрыжыць, таксама можа пачаць ванітаваць.

Аднойчы Дафна так спужалася паветранай трывогі падчас прагулкі, што ўцякла. Я шукала яе, а яна чакала каля пад’езду.

Дафна і Іда. Фота з асабістага архіва Анастасіі

Да таго ж сабака баіцца гучных гукаў. Напрыклад, Дафна пачала баяцца звычайных бутэлек з вадой: калі бутэльку ўпусціць, тая выдае гук, быццам нешта выбухнула, — і ёй становіцца страшна. Таксама яна баіцца матацыклаў, калі яны гучна праязджаюць па вуліцы.

А вось на паводзіны кошкі вайна не паўплывала — магчыма таму, што раней яна жыла на вуліцы. Аднак падчас блэкаўта ў Кіеве, калі мы засталіся без ацяплення, яна пачала спаць з намі ў ложку, хаця раней такога не было.

«Пачатак вайны стаў для іх вялікім стрэсам»

— Зараз нашыя коткі амаль не рэагуюць на паветраныя трывогі, але падчас моцных абстрэлаў або выбухаў падскокваюць, — распавядае беларуска Марына (імя змененае — С.), гаспадыня двух катоў, якім 12 і 10 гадоў. — Яны таксама ведаюць, што мы хаваемся ў ваннай, і бягуць туды нават раней за нас — там мы разам спім падчас атак.

Коцікі Марыны. Фота з асабістага архіва гераіні

Пачатак вайны стаў для іх вялікім стрэсам. Ім было вельмі цяжка сядзець у пераносках у бомбасховішчах. Потым яны перажылі з намі паездкі на машыне, цягніках, самалётах. Некаторы час у 2022-м мы жылі ва ўкраінскім гатэлі: калі хтосьці праходзіў па калідоры, старэйшы кот станавіўся перад дзвярыма і «лаяўся», як сабака, абараняючы нас. То-бок яны пачалі мацней рэагаваць на гучныя гукі.

У 2022-м Марына разам з сям’ёй і гадаванцамі выязджала з Украіны. А калі праз час вярнуліся, у старэйшага пачаліся праблемы з ныркамі.

— Ледзь уратавалі. Лекар сказаў, што гэтая хвароба часта выклікаецца стрэсам. Цяпер даглядаем яго: спецыяльны корм, дабаўкі. Ён стаў увесь час туліцца да мяне, трымае лапкай за руку — я для яго нібы якар.

Цяпер катам вельмі холадна. Калі даюць ацяпленне, яны грэюцца на батарэях. Калі ацяплення няма, малодшы прыходзіць на калені, а старэйшы ў асноўным ляжыць на спальным мяшку.

«Загадзя разумеем, што будзе абстрэл, бо Дзіна яго прадчувае і пачынае скуголіць»

Украінка Кацярына — гаспадыня джэк-расэл-тэр’ера Дзіны, якой цяпер сем гадоў, — распавядае, што жывёліна нібыта прадчувала пагрозу за некалькі дзён да пачатку поўнамаштабнай вайны: Дзіна пачала дзіўна скуголіць, чаго раней не рабіла.

— А 23 лютага яна зусім нічога не ела. Калі 24-га пачаліся першыя выбухі, яна вельмі скуголіла і не злазіла з ложка: залазіла пад коўдру і нібыта спрабавала ўратавацца. Праз пару дзён мы выехалі ў Хмяльніцкі да маёй бабулі. Першы час там не было «прылётаў», але даносіліся гукі стрэлаў — яна іх баялася і таксама хавалася. Потым мы разам сядзелі ў падвале: зрабілі там для Дзіны адмысловую схоўку, адкуль яна амаль не выходзіла і мала ела.

За першыя паўгады вайны, працягвае Кацярына, сабака трохі страціў вагу, але з часам аднавіўся. Цяпер сям’я разам з гадаванцам жыве ў Кіеўскай вобласці.

— Мы загадзя разумеем, што будзе абстрэл, бо Дзіна яго прадчувае і пачынае скуголіць. Падчас выбухаў мы трымаем яе побач, бярэм з сабой у бомбасховішча — там яна амаль увесь час дрыжыць.

Дзіна. Фота з асабістага архіва Кацярыны

На жаль, вайна вельмі адбіваецца на жывёлах. Моцна церпяць прытулкі, асабліва прыфрантавыя: расіяне часта б’юць па жывёльных цэнтрах. Напрыклад, 1 студзеня Расія нанесла ўдар па экапарку ў Харкаве, дзе былі ў тым ліку рэдкія жывёлы — курапаткі, фазаны, тыграняты. Псіхалагічна ім таксама цяжка: яны могуць стаць больш агрэсіўнымі, бо парушаецца звыклае адчуванне нармальнага існавання.

Жывёлы часта, на жаль, становяцца ахвярамі абстрэлаў і адсутнасці цяпла. Да Кіеўскага заапарка далучаліся валанцёры, каб проста абагрэць жывёл, бо доўгі час не было ацяплення. А ёсць жывёлы, напрыклад, малпы, якія пастаянна патрабуюць цяпла. Для іх шукалі крэатыўныя рашэнні — напрыклад, ставілі печы, якія тапілі дровамі.

Акрамя таго, некаторыя людзі, выязджаючы, не забіралі сваіх гадаванцаў або пакідалі іх знаёмым, якія не вельмі за імі глядзелі, — і тыя ўцякалі. Мой свёкар служыць на фронце і расказваў, як аднойчы да іх прыйшла котка-сфінкс. Яны ўзялі яе да сябе, кормяць, але, зразумела, там для яе небяспечна. Не ведаю, ці можна неяк параўноўваць яе паводзіны, але ў цэлым яна адчувае сябе камфортна нават у такіх умовах. То-бок жывёлы, у адрозненне ад людзей, значна хутчэй здольныя прызвычаіцца — і, адпаведна, жыць у больш экстрэмальных абставінах.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(5)