Чаму «бабарыканцы» адмовіліся «гуляць у пясочніцы» Каардынацыйнай Рады?

Палітычны аглядальнік Віталь Цыганкоў на Радыё Рацыя — пра заяву Віктара Бабарыкі.

Віктар Бабарыка заявіў, што аргкамітэт партыі «Разам» «пасля неаднаразовага і дэталёвага абмеркавання» прыняў рашэнне «аб няўдзелу нашай партыі ў вясновых выбарах у Каардынацыйную Раду».

– На дадзены момант мы не бачым магчымасці сапраўды забяспечыць эфектыўнасць КР і мэтазгоднасць сваёй дзейнасці ў яе рамках – сказана ў заяве Бабарыкі.

Здаецца, гэта ключавыя словы. Выглядае, партыя Бабарыкі не ўбачыла для сябе ніякіх патэнцыйных плюсаў у тым, каб удзельнічаць у выбарах у КР. Магчыма, перамагло меркаванне, што на сёння КР – гэта малаперспектыўны, гіблы праект (хаця, натуральна, ніхто з іх не скажа пра гэта ўслых).

Віталь Цыганкоў, фота: Еўрарадыё

Калі на апошніх выбарах за дэлегатаў КР галасавала 6700 чалавек, то цяпер, з улікам сітуацыі і працягу трэнду на дэпалітызацыю беларускай дыяспары, – як чакаецца, прагаласуе яшчэ менш.

Ды і сама КР за апошнія месяцы ўспрымаецца больш як крыніца нейкіх скандалаў (дастаткова ўзгадаць знікненне спікеркі Рады Мельнікавай), звадак, асабістых прэтэнзіяў. Усе больш людзей з пэўным палітычным імем успрымаюць яе як структуру, якая не заслугоўвае іхнай увагі і ўдзелу.

Партыя Бабарыкі яўна вырашыла, што ня варта ўвязвацца ў гэтыя гульні ў пясочніцы. Дарэчы, наколькі мне вядома, тое самае вырашыў і «Блок» Кныровіча, Ягорава, Пракоп’ева.

Гучалі меркаванні, што ўдзел бабарыканцаў можа падагрэць інтарэс да выбараў у КР. Але, відаць, цвярозая ацэнка сітуацыі падказала ім, што гэта наўрад ці адбудзецца – прынамсі, у тых маштабах, якія могуць дазволіць казаць пра нейкую «перамогу».

Ды і якія стаўкі? Пайсці на выбары і прайграць фракцыі Паўла Латушкі? А нават калі бабарыканцы набралі б большасць на выбарах – для чаго? Каб там захрасці ў вырашэнні нейкіх дробязных пытанняў?

Змагацца за гендарныя квоты? Каб раз у два гады паслухаць адказы Сьвятланы Ціханоўскай? Каб ганарыцца атрыманымі 1-2 тысячамі галасоў выбарнікаў і казаць пра сваю легітымнасць на гэтай падставе? Овчинка выделки не стоит.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(7)