Общество

Стэфановіч: «Вясна надыдзе незваротна!»

Валянцін Стэфановіч напісаў свой першы тэкст на волі. Гэта кранальны роздум пра 30-гадовы шлях арганізацыі, каштоўнасць чалавечай годнасці і мару, якая нарэшце здзейснілася — сустрэць юбілей «Вясны» разам з усімі калегамі на свабодзе.

«У кожнага з сябраў «Вясны» свая асабістая гісторыя, свой асабісты шлях да праваабароны, асабісты шлях да «Вясны». Разам мы прайшлі гэтую доўгую, пакручастую дарогу.

Хтосьці ішоў па ёй ад першай ініцыятыўнай групы аднадумцаў, якая сабралася ў будынку музея Максіма Багданоівча ў Менску дзеля збору інфармацыі і дапамогі пацярпелым удзельнікам першых масавых акцый пратэсту ўвесну 1996 года, а хтосьці далучаўся на працягу гэтага доўгага шляху.

Так сталася, што ў БССР не было арганізаванага праваабарончага руху ў яго класічным разуменні. Хельсінкскі рух распачаты ў СССР другой палове 70-х, абыйшоў Беларусь, але ў другой палове 90-х, як адказ на новыя выклікі пачынаецца стварэнне і развіццё праваабарнчага руху ўжо ў незалежнай Беларусі.

Ствараюцца першыя праваабарончыя арганізацыі — БХК, БАЖ, Цэнтр па правах чалавека і інш. Сярод іх была і наша «Вясна». Мы ганарымся тым, што таксама стаялі ля вытокаў і спрычыніліся да стварэння і развіцця праваабарончага руху.

Дзень правоў чалавека 10 снежня 2000 года. На фота: Валянцін Стэфановіч, Алесь Бяляцкі, Андрэй Ягораў

Так, вядома, мы шмат чаго не ведалі тады і шмат чаго не ўмелі. Нас не было каму вучыць, перад намі не было нацыянальнай праваабарончай школы.

Але правы чалавека маюць універсальны характар, і дзякуючы нашым сябрам і калегам, у тым ліку польскім, а таксама Марэку Навіцкаму з Польскай Хельсінкскай Фундацыі правоў чалавека, мы асабіста атрымлівалі неабходныя веды і разуменне канцэпцыі правоў чалавека, іх стандартаў і міжнародных механізмаў іх абароны. Мы ўвесь гэты час вучыліся самі і вучылі іншых.

Сёння «Вясна» застаецца адной з вядучых беларускіх праваабарончых арганізацый, вядомай як у Беларусі, так і на міжнародным узроўні. Наш шлях ад пачатку не быў лёгкім, бо праваабарона не можа быць лёгкай справай у аўтарытарных і таталітарных краінах.

Але праваабарона наогул справа нялёгкая, не заўсёды ўдзячная, але вельмі неабходная звычайнаму чалавеку. Праваабронцы заўсёды гатовыя дапамагаць усім, чые правы парушаныя — незалежна ад таго, ці падабаецца гэты чалавек ураду, ці любяць яго большасць грамадства.

Нам не важна, на якой мове ён гаворыць, ці мае ён пашпарт. Для нас не важныя ягоная нацыянальнасць і колер скуры, ягоныя перакананні. Мы былі і заўсёды будзем з Чалавекам.

Людзі часам знаходзяцца ў турмах, працоўных лагерах і нават камерах смяротнікаў. Адрынутыя грамадствам, асуджаныя дзяржавай за здзейсненыя ці няздзейсненыя злачынствы, яны ўсё адно застаюцца людзьмі, якія маюць сваю чалавечую годнасць і правы, у тым ліку не падвяргацца жорсткаму і бесчалавечнаму абыходжанню, катаванням.

Я быў у «творчай камандзіроўцы», якая зацягнулася амаль на пяць гадоў, і бачыў гэтых людзей і ўмовы ў якіх яны знаходзяцца. Я пабыў у іх скуры і дакладна ведаю, што і як трэба змяніць.

Марфа Рабкова, Наста Лойка, Валянцін Стэфановіч і пасол па асаблівых даручэннях МЗС Літвы Аста Андрыяўскене ў дзень вызвалення праваабаронцаў

Я вельмі ўсцешаны, што прымаю ўдзел у святкаванні 30-годдзя нашай арганізацыі, усцешаны тым, што ўсе ўвязненныя за сваю праваабрончую дзейнасць сябры «Вясны» — Алесь Бяляцкі, Уладзь Лабковіч, Марфа Рабкова, Андрэй Чапюк, Леанід Судаленка, а таксама Наста Лойка — сустракаюць гэты дзень на волі разам з намі!

Гэта была мая мара апошнія амаль пяць гадоў, і гэтая мара здзейснілася. Я хачу яшчэ раз ад усяго сэрца павіншаваць дарагіх сяброў са святам. Вясна надыдзе незваротна!»