Гэта ў Польшчы, Літве, Латвіі, ва Ўкраіне, у Армэніі ці Грузіі гэтак бы сказалі. Ды не, не казалі б — крыкам крычалі. А мы — не.
Навумчык: «Пра Лукашэнку няма ні слова. Але там пра расстрэлы, пра НКВД. І паказваюць чарапы ахвяраў»
Палітычны аглядальнік — пра забарону фільма «Дарога пра Курапаты».
Колькі год таму, калі я ўбачыў у затрыманьні групы пэнсіянэраў за флэшмоб у электрычцы (чыталі беларускія кнігі) элемэнт праявы этнацыду, мне даказвалі: не, справа ня ў мове, іх затрымалі за палітычны актывізм; калі б «Войну и мир» па-расейску чыталі ці «Гары Потэра» па ангельску — было б тое самае, — піша Сяргей Навумчык. —Гэта таму, што супраць улады.
Нацыянальнае тут ні пры чым.
Калі ў 2021 годзе зьліквідавалі ТБМ, казалі — не, гэта не з-за беларускага, не з-за нацыянальнага, гэта проста ўсе грамадзкія арганізацыі зачыняюць. Бо і тыя, якія да беларускай мовы ня маюць ніякага дачыненьня (а такіх большасьць) ліквідуюць таксама.
Пры чым тут нацыянальнае?
Нашмат раней, калі ў 1995 зьбілі дэпутатаў парлямэнта, якія пратэставалі супраць рэфэрэндуму пра мову і сымбалі, казалі — не, не за мову іх зьбілі, а таму зьбілі, што выступілі за дэмакратыю і супраць Лукашэнкі. Гэта ўнутрыпалітычная барацьба. Жорсткая і бязьлітасная.
Але нацыянальнае тут ніякім бокам.
А яшчэ знача раней, у 1988, калі артыкуле пра Курапаты Пазьняк завяршыў словамі пра генацыд (ведаю, як Анатолю Ільічу Вярцінскаму, галоўрэду «ЛіМу», удалося прабіць гэта праз цэнзуру — шчытом была прадмова Быкава, які падпісаўся не як народны пісьменьнік, а як ляўрэат Ленінскай прэміі), казалі — ну, Зянон тут загнуў. Расстрэльвалі ж і рускіх, і палякаў, і яўрэяў — і расстрэльвалі ня толькі ў Беларусі, але і ў Кіеве, ды і ў Маскве расстрэльвалі. Які тут генацыд? Тут нацыянальнае ні пры чым.
Цяпер забаранілі (абвясьцілі «экстрэмісцкім») фільм «Дарога пра Курапаты», зьняты ў 1990 годзе. У 1992 фільм атрымаў Дзяржаўную прэмію. Там пра Лукашэнку няма ні слова. Але там пра расстрэлы, пра НКВД. І паказваюць чарапы ахвяраў.
Але мы, канешне ж, ня будзем казаць, што гэтая забарона — частка палітыкі этнацыду беларусаў, фрагмэнт сыстэмнай стратэгіі зьнішчэньня нацыянальнай ідэнтычнасьці, з мэтай у пэрспэктыве ліквідацыі ўсёй нацыі.
Мы, канешне, не дадумаемся заяўляць, што стратэгія гэтая вызначаная Масквой. Мы скажам, што гэта — мясцовая ініцыятыва Лукашэнкі і ягоных памагатых. Масква тут ні пры чым. І нацыянальнае — таксама ніякім бокам.
У нас усё нармальна з кантролем над эмоцыямі і дыфэрэнцыяцыяй элемэнтаў пераходу ад аўтакратыі да таталітарызму. Звычайны клясычны пераход, а хто лічыць інакш, хай чытае паліталягічную літаратуру, дзякуй Богу, у тры клікі можна спампаваць з Інтэрнэту. Нацыянальнае тут ні пры чым.
Часам здаецца, што калі б усіх нас, беларусаў, вырашылі аднамомантна вынішчыць фізычна нейкімі пакуль невядомым (а можа, ужо вядомым) спосабам, які дазваляе апошнія хвіліны жыцьця знаходзіцца ў ясным розуме і ўсьведамляць, што вось зараз нас заб’юць усіх да аднаго, дык апошнімі нашымі словамі былі б — «Не, зьнішчаюць нас не таму, што мы беларусы. Гэта па нейкай іншай прычыне нас зьнішчаюць».
Можа, таму яны нас і зьнішчаюць?
Читайте еще
Избранное