І тут можна разглядаць некалькі версій. Першая — што Лукашэнка сапраўды не ў поўнай меры ўплывае на працэс штурму межаў Еўразвязу.
Класкоўскі: «Лукашэнка рызыкуе атрымаць па шапцы падчас чарговага прыезду спецпасланніка Трампа ў Мінск»
Палітычны аналітык Аляксандр Класкоўскі ў каментары Филину – пра тое, ці кантралюе рэжым Лукашэнкі сітуацыю на мяжы з Літвой.
Літва зафіксавала рэкордную з лістапада мінулага года колькасць спробаў парушэння мяжы з боку Беларусі, сведчыць аналіз, праведзены Позіркам. Нагадаем, што нядаўна літоўскі бок выставіў умовы для пачатку перамоў з рэжымам Лукашэнкі, сярод якіх спыненне міграцыйнага крызісу.
Чаму беларускія ўлады не выконваюць умовы літоўскага боку і як гэта можа паўплываць на адносіны з амерыканцамі, якія ў гэтым зацікаўлены? Филин абмеркаваў гэтыя пытанні з палітычным аналітыкам інфармацыйнага агенцтва Позірк Аляксандрам Класкоўскім.
— Думаю, Лукашэнка ўплывае на гэтую сітуацыю. Ён не аднойчы, калі разважаў пра еўрапейскія санкцыі, казаў: маўляў, вы, еўрапейцы, мяне душыце санкцыямі і хочаце, каб я лавіў нелегалаў, дык я гэтага рабіць не буду. Такім чынам ён даваў выразна зразумець, што проста заплюшчвае вочы на тое, што гэтыя нелегалы спрабуюць праз Беларусь патрапіць у ЕС, — адзначыў Класкоўскі.
— Але цяпер сапраўды ўзнікае пытанне, у якой ступені Лукашэнка кантралюе сітуацыю: узімку амаль не было такіх спробаў, але гэта, магчыма, было звязана з халодным надвор’ем, а цяпер мы бачым, што яны пачасціліся.
Магчыма, не так узорна арганізавана ахова мяжы, як гэта падаецца. Лукашэнка ж любіць падкрэсліваць, што сам быў памежнікам і надае гэтым войскам вялікае значэнне. Тым не менш, напэўна, ёсць дзіркі на мяжы, і мігранты ўсё ж пранікаюць.
Да таго ж, напэўна, за гады палітыкі гібрыднай вайны ў дачыненні да ЕС сфармавалася праслойка людзей (магчыма, гэта і людзі ў пагонах), якія маюць прыбытак з гэтага нелегальнага бізнесу.
Другая версія, разважае палітычны аналітык, палягае ў тым, што плынь мігрантаў у Беларусь можа арганізоўваць Масква. Гэта няцяжка, улічваючы адкрытую мяжу з Расіяй і двухбаковае пагадненне аб узаемным прызнанні віз.
— Маскве нявыгадна, каб дачыненні Мінска з Захадам паляпшаліся. І ў прыватнасці, каб складаліся лепшыя ўмовы для продажу калію. Бо на калійным рынку Беларусь і Расія канкуруюць.
Але ёсць і яшчэ адна версія:
— Лукашэнка можа і наўмысна такім чынам уздымаць стаўкі ў гульні з Вільняй пры ўдзеле Вашынгтона. Гэта яго звычайная манера ў замежнай палітыцы, калі ён эскаліруе сітуацыю і павышае ўзровень напружанасці, каб потым, крыху адкруціўшы назад, падаць гэта як вялікую саступку. Так ён нахапаў палітвязняў і цяпер імі гандлюе, атрымліваючы такім чынам зняцце санкцый з боку ЗША.
Не выключаю, што ў Лукашэнкі ёсць спадзеў, што ЗША і спецпасланнік Трампа Коўл (які адкрыта кажа, што Штатам патрэбны транзіт калійных угнаенняў праз Клайпеду), кажучы мовай правіцеля, «нахіляць» літоўскае кіраўніцтва і прымусяць прыняць гэтыя ўмовы.
У Лукашэнкі, магчыма, такая логіка: «нікуды вы не дзенецеся, я раблю, што хачу, здзекваюся з вас, а вы ўсё адно пад ціскам Амерыкі будзеце змушаныя пайсці мне насустрач». Так гэта ці не — мы ўбачым толькі эксперыментальным шляхам праз нейкі час.
Бо літоўцы выставілі ўмовы, далі Лукашэнку чатыры тыдні, але мы бачым, што выканання гэтых умоў у пэўнай ступені няма.
Літоўскія палітыкі ў гэтай сітуацыі не хочуць губляць твар і паказваць, што гнуцца пад ціскам Вашынгтона. Але гэта асобная тэма, бо Літва вельмі залежыць ад ЗША.
— Але як на гэтае «ўзняцце ставак» можа адрэагаваць амерыканскі бок? Будуць ціснуць на Літву або на Лукашэнку?
— Думаю, калі Лукашэнка наўмысна гэта робіць, ён рызыкуе. Бо Коўл у сваіх інтэрв’ю падкрэсліваў, што сказаў яму: маўляў, кінь займацца гэтымі справамі. Так што ён рызыкуе атрымаць па шапцы падчас чарговага прыезду Коўла ў Мінск.
Іншая рэч, калі гісторыя, што ў нас «мяжа на замку», — не адпавядае рэчаіснасці і мяжа дзіравая. Тады гэта казусная сітуацыя для Лукашэнкі.
Таму што ствараюцца перадумовы для прарыву на літоўскім кірунку, і атрымліваецца, што дыктатар, які нібыта ўсё кантралюе ў сваёй краіне, не можа кантраляваць працэс, важны для перспектыў Беларусі.
Читайте еще
Избранное