Калі мы кажам пра паляпшэнне ўнутрыпалітычнага клімату, спыненне рэпрэсій, то гэта вельмі складана зафіксаваць. Што лічыць рэпрэсіямі, што — не.
Казакевіч: «Цалкам выхад Беларусі з вайны супраць Украіны мне падаецца абсалютна неверагодным»
Дырэктар інстытута «Палітычная сфера» Андрэй Казакевіч — пра паўзу ў перамовах паміж ЗША і Беларуссю.
— Шмат прычын для такой паўзы. Асноўная — зніжэнне агульнай дынамікі цікавасці Вашынгтона да нашага рэгіёна. Таму што з'явіўся Іран, таму што на паўзе перамовы паміж Расіяй і Украінай. Адпаведна з гэтым кантэкстам зменшылася і цікавасць да Беларусі, — кажа Казакевіч у эфіры Еўрарадыё.
— Але тое, што пытанні спынення рэпрэсій зараз амерыканскі бок уздымае — гэта так. І тады перамоўны працэс становіцца больш складаным. Тут нават пытанне не ў тым, што беларускія ўлады не могуць праз гэта пераступіць, а ў тым, як гэта прапісаць. Што маецца на ўвазе пад спыненнем або скарачэннем рэпрэсій?
Абмяняць людзей — гэта зразумела: 10 чалавек едзе ў Літву, 10 — застаецца ў Беларусі, транзакцыя скончана.
Трэба выбудоўваць нейкі ўзровень даверу паміж бакамі, агульнае разуменне, што гэта значыць. Гэта, канешне, будзе займаць час.
Казакевіч лічыць, што ў амерыканска-беларускіх перамоў ёсць перспектыва.
— Думаю, мы яшчэ пабачым дынаміку ў гэтым. Але, на жаль, гэта не з'яўляецца абсалютна самастойным трэкам — так ці інакш шмат што залежыць ад таго, што будзе адбывацца з вайной Расіі супраць Украіны.
Эксперт таксама адказаў на пытанне, ці магчыма ў гэтай сітуацыі дамагчыся таго, каб рэжым Лукашэнкі перастаў падтрымліваць Расію ў вайне супраць Украіны.
— Кропкава магчыма. Можа быць частковая дээскалацыя — мы гэта крыху бачылі ў дыялогу з Украінай апошнія месяцы. Але дыяпазон магчымасцяў для беларускіх уладаў абмежаваны.
Калі гэта сапраўды стане для Расіі праблемай, у іх занадта шмат рычагоў ціску на Мінск, каб дамагчыся выгадных і важных для сябе рашэнняў. Таму цалкам выхад Беларусі з вайны мне падаецца абсалютна неверагодным. Гэта магчыма толькі пасля таго, як вайна скончыцца.
Читайте еще
Избранное