Цыганкоў: «Ціхенька і мала заўважна ў Беларусі за апошні час з’явілася даволі шмат працоўных мігрантаў»
Палітычны аглядальнік — пра тое, як рэжым спрабуе замясціць беларусаў, якія з’ехалі.
— Вяртаць беларусаў альбо запрашаць мігрантаў? Улада выбірае другое, гэта ўжо стратэгія, — піша Віталь Цыганкоў.
У мінулым годзе ў Беларусь прыехалі працаваць 48160 іншаземцаў і асоб без грамадзянства, у першым квартале сёлетняга – 16668. Пра гэта падчас круглага стала ў часопісе «Эканоміка Беларусі» паведаміла намесніца начальніка ўпраўлення Дэпартамента па грамадзянстве і міграцыі МУС Наталля Кульбіцкая.
З 2023 года ў краіне на заканадаўчым узроўні спрошчаны парадак прыцягнення замежнай працоўнай сілы. Наймальніку не трэба атрымліваць дазвол для працаўладкавання іншаземца па прафесіі рабочага або пасады служачага з пераліку дэфіцытных на рынку працы, які штогод зацвярджае Мінпрацы і сацабароны. «Дэфіцытных» – гэта значыць тых, якія доўгі час не займаюцца грамадзянамі краіны.
Як вынік, цяпер у краіне ва ўсіх сферах эканомікі занята больш за 35 тысяч прыезджых з-за мяжы. І амаль 80% карыстаюцца спрошчаным парадкам працаўладкавання. Сумесна з Мінпрацы і сацабароны пашыраем пералік дэфіцытных прафесій, прапануем адмяніць спецдазволы, напрыклад, урачам-інтэрнам, бо наймальнікі вельмі зацікаўленыя ў тым, каб да іх ехалі замежнікі, – дапоўніла Наталля Кульбіцкая.
На жаль, у гэтага працэсу ёсць і адваротны бок медаля. Ростам попыту на замежную працоўную сілу пачынаюць карыстацца нядобрасумленныя агенцтвы па падборы персаналу, – заявіла чыноўніца.
Ціхенька і мала заўважна для шырокай грамадскасці ў Беларусі за апошні час з’явілася даволі шмат працоўных мігрантаў. Тыя 65 тысяч, якія прыехалі ў Беларусь толькі за апошнія 15 месяцаў – гэта на самой справе немалая лічба. З улікам таго, што ў беларускай эканоміцы ўсяго занята каля 4 мільёнаў чалавек.
Апошнія месяцы можна назіраць прыкметную змену міграцыйнай палітыкі Беларусі. Калі яшчэ некалькі гадоў таму асноўнымі замежнымі работнікамі былі грамадзяне краін Эўразійскага эканамічнага саюза (ЕАЭС), то цяпер улады ўсё больш арыентуюцца на прыцягненне працоўнай сілы з Цэнтральнай і Паўднёвай Азіі, каб кампенсаваць недахоп работнікаў, выкліканы дэмаграфічным спадам і эміграцыяй беларусаў.
Для гэтага яны мяняюць заканадаўства і рэгуляцыі, каб максімальна спрасціць мігрантам з далёкіх рэгіёнаў працэс працаўладкавання на беларускім рынку. На першым месцы з вялікім адрывам прадстаўнікі Туркменістану. Туркменістан, Узбекістан, Таджыкістан, Індыя, Непал — менавіта гэтыя краіны цяпер даюць асноўны прырост працоўнай міграцыі. (Пакістанцы, нягледзячы на ўсе заявы Лукашэнкі, пакуль у Беларусь не паехалі).
Пасля масавай эміграцыі беларусаў у 2020–2024 гадах і абвастрэння дэмаграфічных праблем улады сталі значна лягчэй выдаваць дазволы на працу замежнікам і актыўна шукаць рабочую сілу за мяжой. І калі ў 2020 годзе ў Беларусі працавала каля 10 тысяч працоўных мігрантаў, то па вынікаў 2025-га – 35 тысяч, і гэтая колькасць імкліва расце.
Унутраных працоўных рэсурсаў, паводле ацэнак уладаў, ужо недастаткова для патрэб эканомікі.
Відавочна, што менскі рэжым будзе ўсё больш настойліва запрашаць у Беларусь працоўных мігрантаў – гэта ўжо можна назваць зацверджанай стратэгіяй. Бо ва ўмовах дэмаграфічнай ямы і недахопу мясцовай працоўнай сілы застаецца два варыянты – альбо ствараць спрыяльныя ўмовы для вяртання тых беларусаў, якія з'ехалі, (у тым ліку адмовіцца ад рэпрэсіяў), альбо запрашаць мігрантаў.
Няма сумневаў, што ўлада выбірае другі шлях.
Читайте еще
Избранное