Мы не атрымліваем ні беларускіх, ні польскіх пенсіяў і жывем толькі на тое, што можам зарабіць самі. Калі мы былі здаровыя і працавалі ўдвух, нам хапала на дастойнае жыццё. Цяпер усё змянілася.
Аляксандру Мілінкевічу патрэбная дапамога на рэабілітацыю
Жонка палітыка звярнулася з просьбай аб падтрымцы.
Пасля аперацыі, перанесенай ў лістападзе 2025-га, Аляксандру Мілінкевічу патрэбныя пастаянны нагляд дактароў і інтэнсіўная рэабілітацыя.
«Пяць месяцаў таму, 24 лістапада, Аляксандр па ўласным рашэнні прыйшоў у шпіталь на планавую аперацыю, — напісала Іна Кулей. — Падставай стала тамаграфія, якая паказала, што правая шыйная артэрыя была закрытая тромбам на 80 працэнтаў.
Дактары настойліва раілі не адкладаць аперацыю, бо ў любы момант тромб мог адарвацца — з фатальнымі наступствамі. І Аляксандр прыняў гэтае няпростае рашэнне, даверыўшыся спецыялістам.
25 лістапада аперацыя была праведзеная. Але яе наступствы аказаліся не такімі, як мы ўсе спадзяваліся. У Аляксандра здарыўся ацёк мозгу. Тры тыдні Аляксандр знаходзіўся ў інтэнсіўнай тэрапіі — паміж жыццём і смерцю. З Божай дапамогай і дзякуючы вашым малітвам ён выжыў.
Потым пачаліся доўгія месяцы барацьбы з інфекцыямі, якімі, на жаль, поўныя шпіталі і якія асабліва небяспечныя для людзей з аслабленым імунітэтам. Запаленне лёгкіх, інфекцыя кішэчніка, зноў запаленне лёгкіх…
Не кожны змог бы вытрымаць такую атаку, але Аляксандр вытрымаў. Былі месяцы лячэння: спачатку ў аддзяленні неўралогіі, потым у рэабілітацыі, пасля — у спецыялізаваным лячэбна-рэабілітацыйным цэнтры.
Левая частка мозгу, якая адказвае за інтэлект, маўленне і памяць, не пацярпела.
Правая — тая, што адказвае за рух атрымала пашкоджанні: не працуе левая рука, дрэнна слухаюцца ногі. Для чалавека актыўнага, рухавага, поўнага энергіі, якім заўсёды быў Аляксандр, усведамляць, што сёння ён ляжачы хворы, — вельмі цяжкае выпрабаванне.
Але мой муж — надзвычай моцны духам чалавек. І гэты дух падтрымлівае кожны з вас: тыя, хто дасылае словы падтрымкі, матывуючыя відэа, пытаецца пра яго здароўе, віншуе са святамі, проста памятае пра нас.
Ад усяго сэрца дзякую і нізка кланяюся кожнаму, каму неабыякавы лёс Аляксандра, хто падтрымлівае нас словам, малітвай, дапамогай і справай.
На жаль, Аляксандр застаецца носьбітам патагенных бактэрый, якія могуць актывізавацца ў любы момант. Таму ён пакуль не можа вярнуцца дадому — яму неабходныя пастаянны нагляд дактароў і інтэнсіўная рэабілітацыя. Усё гэта каштуе.
Як і многія з вас, мы не можам вярнуцца на Радзіму. Наш дом у Берштах пасля вобшукаў апячатаны, заведзена крымінальная справа.
Арэнда жылля, аплата рэабілітацыйнага цэнтра, лекі, транспартныя выдаткі, каб штодня дабірацца да мужа ў шпіталь, — усё гэта ўжо выходзіць за межы нашых магчымасцяў. Таму я звяртаюся да вас, сябры, з просьбай аб дапамозе. Я вельмі веру ў сілу нашай салідарнасці, у сілу талакі, у чалавечую дабрыню.
Веру, што калі Бог захаваў Аляксандру жыццё, то мы павінны змагацца за яго далей.
І шчыра веру, што свята — яшчэ наперадзе».
Дапамагчы Аляксандру Мілінкевічу можна тут.
Читайте еще
Избранное